21 лютага адзначаецца Міжнародны дзень роднай мовы

Дата: 21 февраля 2025 в 14:23
31 просмотр

Родная мова, цудоўная мова! Ты нашых думак уток і аснова!
Матчын дарунак ад самай калыскі, ты самацветаў яскравая нізка.
Кожны з іх барвы дзівосныя мае, вечным агнём зіхаціць – не згарае.
Ты мне заўсёды была дапамогай, дзе б і якой ні хадзіў я дарогай.
Чую ў табе перазвоны крыніцы, чую ў табе і раскат навальніцы,
чую павевы зялёнага бору, водгулле працы ў родным прасторы.
Кожнай драбнічкай ты варта пашаны, кожнае слова вякамі стварана.
І на вякі яно жыць застаецца, вечнае так, як народнае сэрца.

    Штогод 21 лютага ва ўсім свеце адзначаецца Міжнародны дзень роднай мовы. Свята гэта, абвешчанае 17 лістапада 1999 года на 30-й сесіі ЮНЕСКА, накіравана на заахвочванне моўнай разнастайнасці і шматмоўнай адукацыі і спрыяе ўсведамленню моўных і культурных традыцый, якія грунтуюцца на ўзаемаразуменні, цярпімасі і дыялогу.

    Зараз у свеце налічваецца каля 6 тысяч моў, і, па прагнозах спецыялістаў, недзе 40 % з іх у бліжэйшы час могуць знікнуць. Таму невыпадкова, што гучыць заклік зберагчы кожную мову як увасабленне ўнікальнага светабачання, як жывую і найкаштоўнейшую спадчыну народаў. Дзеля захавання моў, якія апынуліся на парозе знікнення, міжнародны фонд UNESCO абвясціў дзень роднай мовы — каб хоць у такі дзень на іх загаварылі, пра іх успомнілі.

    Родная мова шмат не патрабуе. Але калі ўжо назваў яе роднай, калі лічыш яе такой для сябе — павінен жа быць перад ёй хоць нейкі абавязак. Ці хоць часам пра яе думаць. Калі хоць палова з тых сямідзесяці чатырох працэнтаў, якія падчас апошняга перапісу назвалі роднай мовай беларускую, падумае аб яе лёсе — значыць, не ўсё яшчэ страчана. Хоць адзін дзень. Калі будзе яе афіцыйнае міжнароднае свята.

    Калі ты чуеш яе — ці то сучасную літаратурную, ці змешаную «трасянку», або мясцовую дыялектную — ведай, што гэта ўсё яна — наша беларуская мова. Не адварочвайся, а прымі яе, бо яе месца ў тваёй краіне. І не падчарка яна тут, а паказвае на спрадвечнасць беларусаў на сваёй зямлі.

Нашы бацькі, дзяды і прадзеды нямала зрабілі, каб беларуская мова была прызнаная як роўная сярод іншых моў свету. Беларуская мова адносіцца да ўсходнеславянскай падгрупы індаеўрапейскай моўнай сям’і.

Комментарии:
Оставлять комментарии могут только авторизованные посетители.